Беларусь — Аўстрыя
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстрыйскай Рэспублікай устаноўлены 5 лютага 1992 г.
У 1993 годзе адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь у Вене. У 2013 годзе ў Мінску прыступіла да працы аддзяленне Пасольства Аўстрыі. У 2016 годзе яно было пераўтворана ў паўнавартаснае пасольства.
За мінулыя гады Беларусь і Аўстрыя стварылі неабходную для развіцця супрацоўніцтва дагаворна-прававую базу, якая ўключае 15 пагадненняў.
За 30 гадоў двухбаковых адносін Беларусі і Аўстрыі адбыліся сустрэчы і перагаворы паміж афіцыйнымі прадстаўнікамі дзвюх краін.
28-29 чэрвеня 2018 г. федэральны прэзідэнт Аўстрыйскай Рэспублікі Аляксандр Ван дэр Бэлен наведаў Рэспубліку Беларусь. У ходзе візіту А.Ван дэр Бэлен правёў перамовы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнка. Прэзідэнты Аўстрыі і Беларусі, а таксама Федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмайер узялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця другой чаргі будаўніцтва мемарыяльнага комплексу на месцы былога лагера смерці «Малы Трасцянец». А. Ван дэр Бэлен стаў першым у гісторыі кіраўніком Аўстрыі, які наведаў Беларусь.
15 студзеня 2019 г. у цырымоніі адкрыцця новага офіса Пасольства Аўстрыі ў Мінску ўзяла ўдзел Федэральны міністр па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль. У ходзе візіту адбыліся перамовы аўстрыйскай міністра з яе беларускім калегам Уладзімірам Макеем.
29 сакавіка 2019 г. Федэральны канцлер Аўстрыі Себасціан Курц разам з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка ўрачыста адкрылі манумент «Масіў імёнаў» у мемарыяльным комплексе «Малы Трасцянец». Стварэнне помніка, прысвечанага памяці аўстрыйскіх яўрэяў, знішчаных нацыстамі ў Трасцянцы, стала яскравым прыкладам паспяховага ўзаемадзеяння Беларусі і Аўстрыі па ўшанаванню памяці ахвяраў вайны і злачынстваў нацыстаў. У рамках візіту кіраўніка аўстрыйскага ўрада ў Мінск адбыліся яго сустрэчы з Прэзідэнтам і Прэм'ер-міністрам Беларусі.
12 лістапада 2019 г. адбыўся першы ў гісторыі беларуска-аўстрыйскіх адносін афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Аўстрыйскую Рэспубліку. А.Р. Лукашэнка правёў перамовы са сваім аўстрыйскім калегам А.Ван дэр Бэленам і Старшынёй Нацыянальнага савета (парламента) Аўстрыі Вольфгангам Собаткай. Прэзідэнт Беларусі сустрэўся таксама са Старшынёй Аўстрыйскай народнай партыі С.Курцем і прыняў удзел у працы беларуска-аўстрыйскага эканамічнага форуму.
У развіцці двухбаковага супрацоўніцтва актыўна ўдзельнічаюць рэгіёны і гарады Беларусі і Аўстрыі.
Важны ўнёсак у развіццё кантактаў паміж людзьмі ўносяць грамадскія арганізацыі. З 2006 года ў Аўстрыі дзейнічае грамадская арганізацыя «Аўстрыйска-Беларускае таварыства» (http://www.oewg.org/), якая з'яўляецца членам Аўстрыйскага аб'яднання таварыстваў дружбы з замежнымі краінамі. У структуру Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ўваходзіць таварыства дружбы «Беларусь-Аўстрыя».
.jpg)
У рамках кантактаў паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Аўстрыйскай акадэміяй навук было падпісана пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве, ажыццяўлялася актыўнае міжуніверсітэцкае ўзаемадзеянне паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Універсітэтам горада Клагенфурта; Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка і Вышэйшай педагагічнай школай Верхняй Аўстрыі; Палескім дзяржаўным універсітэтам і Універсітэтам горада Крэмса; Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Інстытутам механікі матэрыялаў і канструкцый Венскага тэхнічнага ўніверсітэта.
Найважнейшым элементам двухбаковых адносін з'яўляецца супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Гуманітарныя ініцыятывы Аўстрыі ўзаемадзейнічаюць з беларускімі партнёрамі з мэтай мінімізацыі ў Беларусі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
4 мая 2006 г. кіраўнік аўстрыйскай ініцыятывы «Дапамога дзецям з Беларусі» Марыя Хетцэр была ўзнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.
Актыўныя кантакты былі наладжаны па лініі супрацоўніцтва ў галіне культуры, у тым ліку паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Аўстрыі, музеямі, профільнымі навучальнымі ўстановамі, дзеячамі мастацтва дзвюх краін.
Незаконныя санкцыі Еўрапейскага саюза і негатыўныя тэндэнцыі ў беларуска-еўрапейскім дыялогу аказваюць стрымальны ўплыў на ўзаемадзеянне Беларусі і Аўстрыі ў палітычнай сферы і іншых галінах, прывялі да вымушанага згортвання многіх плённых сумесных ініцыятыў і праектаў.