Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) з'яўляецца найбуйнейшай рэгіянальнай арганізацыяй, у склад якой уваходзяць 57 дзяржаў Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўночнай Амерыкі.
Беларусь з'яўляецца дзяржавай – удзельніцай АБСЕ з 30 студзеня 1992 года. З 1992 года ў Вене (Аўстрыя) дзейнічае Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры АБСЕ.
Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы асноўных і дапаможных органаў АБСЕ – Пастаяннага савета і яго камітэтаў, Форума па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі, а таксама Сумеснай кансультатыўнай групы і Кансультатыўнай камісіі па адкрытым небе – перамоўных органаў па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе і Дагаворы па адкрытым небе, адпаведна.
У рамках АБСЕ Беларусь падтрымлівае дзейнасць па барацьбе з транснацыянальнымі выклікамі і пагрозамі, гандлем людзьмі, паслядоўна выступае за павышэнне патэнцыялу АБСЕ ў вырашэнні канфліктаў.
Беларускія прадстаўнікі працуюць у сакратарыяце, інстытутах і палявых місіях АБСЕ.
Знакавым мерапрыемствам, якое адлюстроўвае прызнанне і ролю Беларусі ў АБСЕ, стала міжнародная канферэнцыя «Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху», якая адбылася ў Мінску ў кастрычніку 2018 года пад эгідай АБСЕ.
Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь бярэ ўдзел у працы Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ. Па ініцыятыве Беларусі былі ўзгоднены рэзалюцыі асамблеі па барацьбе з гандлем людзьмі, новых і аднаўляльных крыніцах энергіі, «зялёнай» эканоміцы, абароне сацыяльна-эканамічных правоў, рэагаванні на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў, лічбавай эканоміцы ў рэгіёне АБСЕ, стратэгічным прагназаванні ў галінах навукі, тэхналогій і інавацый для ўстойлівага развіцця.
У ліпені 2017 года штогадовая сесія ПА АБСЕ упершыню прайшла ў Мінску. Мерапрыемства адкрыў Прэзідэнт Беларусі.
У красавіку 2019 года у Мінску адбылася міжнародная парламенцкая канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ «Адзін пояс, адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага развіцця і росквіту», арганізаваная па ініцыятыве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Па выніках канферэнцыі была ўзгоднена Мінская дэкларацыя.
Дэлегацыя Беларусі старшынствавала на Форуме АБСЕ па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі ў другім трыместры 2022 года. Абраны Беларуссю фармат работы забяспечыў належнае выкананне беларускім бокам функцый старшыні Форуму з улікам надзвычай напружанай палітычнай і маральна-этычнай абстаноўкі ў АБСЕ, знайшоў падтрымку і разуменне ў партнёраў, а таксама сярод заходніх апанентаў, і ў максімальнай ступені садзейнічаў забеспячэнню знешнепалітычных інтарэсаў Беларусі як у рамках АБСЕ, так і па-за межамі арганізацыі.
Беларусь узаемадзейнічае з профільнымі інстытутамі АБСЕ: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), прадстаўніком па пытаннях свабоды СМІ, вярхоўным камісарам па справах нацыянальных меншасцей, а таксама сакратарыятам АБСЕ, у тым ліку з каардынатарам эканамічнай і экалагічнай дзейнасці і спецыяльным прадстаўніком / каардынатарам АБСЕ па пытаннях барацьбы з гандлем людзьмі.
На пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў Вене ў снежні 2025 года дэлегацыя Беларусі выступіла суаўтарам сумеснай заявы дзяржаў-аднадумцаў з нагоды 80-годдзя Перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне, а таксама беларуска-расійскай заявы па тэматыцы «структураванага дыялогу» адносна сучасных і будучых выклікаў і пагроз бяспецы ў рэгіёне АБСЕ.