:

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

За гады пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін Аўстрыя набыла статус аднаго з найважнейшых партнёраў Беларусі ў Еўропе ў галіне гандлю і інвестыцый. На працягу многіх гадоў Аўстрыя стабільна ўваходзіла ў пяцёрку найбуйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі і з'яўлялася важнай крыніцай сучаснага абсталявання і тэхналогій, якія выкарыстоўваліся пры мадэрнізацыі беларускіх экспартаарыентаваных прадпрыемстваў.

Былі створаны двухбаковая міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і Беларуска-Аўстрыйскі дзелавы савет, пасяджэнні якіх рэгулярна праводзіліся з мэтай абмеркавання на ўзроўні ўрадаў і бізнесу актуальных пытанняў эканамічнага ўзаемадзеяння, паляпшэння рамкавых умоў для дзелавой актыўнасці і вырашэння канкрэтных задач.

Па ініцыятыве аўстрыйскага боку работа ў рамках гэтых інстытуцыянальных фарматаў была прыпынена.

Сектаральныя і іншыя санкцыі, уведзеныя ў парушэнне міжнароднага права ў дачыненні да Беларусі, а таксама абумоўлены гэтым неспрыяльны характар беларуска-еўрапейскага дыялогу з 2021 года негатыўна адбіваюцца на дынаміцы, структуры і аб'ёмах двухбаковага гандлю таварамі і паслугамі паміж Беларуссю і Аўстрыяй, тавараабарот якіх раней дасягаў 200-300 млн долараў ЗША. У выніку прамога ўздзеяння санкцый, а таксама з прычыны іх пашыральнага тлумачэння замежнымі партнёрамі ўскладніліся знешнегандлёвая лагістыка, банкаўскія разлікі і традыцыйна паспяховы ўзаемны гандаль паслугамі.

У Беларусі аўстрыйскімі інвестарамі быў рэалізаваны шэраг знакавых праектаў, аднак інвестыцыйная актыўнасць таксама пацярпела ў выніку дзеючых абмежаванняў. Прыкметна скарацілася прысутнасць аўстрыйскіх кампаній у беларускай эканоміцы як у гандлёвым сегменце, так і ў якасці інвестараў, знізілася іх традыцыйная роля як пастаўшчыкоў высокатэхналагічнага абсталявання ў Беларусь. Адначасова з гэтым беларускія прадпрыемствы пераарыентаваліся на ўзаемавыгаднае партнёрства ў іншых рэгіёнах, а вызваленыя перспектыўныя нішы ў сферах гандлю і інвестыцый актыўна займаюць кампаніі з іншых краін.

У цяперашніх умовах гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Аўстрыяй застаецца магчымым у абмежаваным фармаце.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці