:

У ААН у Вене аднагалосна прынята ініцыяваная Беларуссю рэзалюцыя аб барацьбе з гандлем людзьмі ў мэтах працоўнай эксплуатацыі

27.05.2023 г.

У ноч на 27 траўня г.г. у Вене 32-я сесія Камісіі ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі кансенсусам зацвердзіла ініцыяваную дэлегацыяй Беларусі рэзалюцыю «Прыняцце мер супраць гандлю людзьмі ў камерцыйных аперацыях, дзяржаўных закупках і ланцужках паставак тавараў і паслуг».

 

На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў Беларусь актыўна садзейнічае ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва па процідзеянні гандлю людзьмі, які з'яўляецца адной з сур'ёзных глабальных пагроз сучаснасці.

Прапанаваная Беларуссю ў рэзалюцыі праблематыка з'яўляецца навацыйнай: ніколі раней у галоўнай профільнай камісіі ААН па пытаннях злачыннасці яна не разглядалася.

Глабалізацыя часта мае свае негатыўныя бакі, ствараючы попыт на танную працоўную сілу ў многіх сектарах эканомікі, які рэалізуецца ў тым ліку праз гандаль людзьмі ў мэтах працоўнай эксплуатацыі.

Рэзалюцыя накіравана на аб'яднанне намаганняў дзяржаў, бізнесу, грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый для эфектыўнага процідзеяння гандлю людзьмі ў эканамічнай сферы.

Рэзалюцыя дакладна фармулюе рызыкі гандлю людзьмі ў кантэксце эканамічнай дзейнасці, дзяржаўных закупак і ланцужкоў паставак і вызначае шэраг практычна арыентаваных рэкамендацый для дзяржаўнага і прыватнага сектараў.

У дакуменце адзначаецца важнасць актывізацыі супрацоўніцтва дзяржаў з дзелавой супольнасцю для выяўлення і ўстаранення рызык гандлю людзьмі на ўсіх узроўнях эканамічных аперацый і ланцужкоў паставак тавараў і паслуг.

Рэзалюцыя асобна прадугледжвае меры па садзейнічанні і абароне ахвяр гандлю людзьмі.

Прыняцце рэзалюцыі дазволіць яшчэ больш прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да праблемы сучаснага рабства і надасць важны імпульс сумесным намаганням усіх зацікаўленых партнёраў па барацьбе з гэтым сацыяльным злом.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці