Аб удзеле дэлегацыі Беларусі ў 68-й сесіі Камісіі ААН па наркатычных сродках
14.03.2025 г.У Вене 10 – 14 сакавіка г.г. адбылася 68-я сесія Камісіі ААН па наркатычных сродках.
Беларусь на сесіі была прадстаўлена дэлегацыяй на чале з пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене. У склад дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі Міністэрства унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і пастаяннага прадстаўніцтва.
У агульнай дыскусіі на сесіі выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі А. Сільвестровіч. У сваім выступе А. Сільвестровіч прыцягнуў увагу да неабходнасці няўхільнага выканання палажэнняў антынаркатычных канвенцый ААН. Ён праінфармаваў аб намаганнях Беларусі па вырашэнні праблемы рэзкага павелічэння транзіту псіхатропных рэчываў з ЕС і заклікаў дзяржавы-сябры ЕС да эфектыўнага непалітызаванага міжнароднага супрацоўніцтва для папярэджання злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, і барацьбы з імі. А. Сільвестровіч падкрэсліў адкрытасць міністэрства для сумесных расследаванняў у інтарэсах краінаў рэгіёна і гатоўнасць Беларусі і надалей дзяліцца інфармацыяй і вопытам практычнай дзейнасці.
На тэматычным мерапрыемстве на палях сесіі КНС “Паляпшэнне наяўнасці і даступнасці кантраляваных рэчываў для медыцынскіх мэтаў і павышэння эфектыўнасці абязбольвання”, арганізаваным Расіяй у партнёрстве з Беларуссю, ПАР і Упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці, беларуская дэлегацыя, ў якасці судакладчыка, прыцягнула ўвагу да праблем з 2022 года з пастаўкамі з ЕС жыццёва неабходных лекавых прэпаратаў і фармацэўтычных субстанцый наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у Беларусь. Беларуская дэлегацыя заклікала да ліквідавання міжнародных бар'ераў, якія перашкаджаюць эфектыўнаму міжнароднаму супрацоўніцтву, у прыватнасці, аднабаковых прымусовых мер, якія абмежавалі доступ да жыццёва важных лекаў, базавых прэпаратаў і фармацэўтычных кампанентаў для навуковых і медыцынскіх мэтаў, у тым ліку для палягчэння болю і пакут.
Беларуская дэлегацыя ўзяла ўдзел у тэматычным мерапрыемстве, арганізаваным Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва пры падтрымцы УНЗ ААН і Кітая, і выступіла з інфармацыяй аб вопыце Беларусі ў спыненні незаконнага абароту наркотыкаў з выкарыстаннем інтэрнэту.