:

Аб візіце амбасадара Беларусі ў Фарарльберг

17.09.2021 г.

Амбасадар Беларусi ў Аўстрыi Андрэй Дапкюнас 16 верасня 2021 года наведаў з працоўным вiзiтам федэральную зямлю Фарарльберг.

Разам з Верхняй Аўстрыяй і Штырыяй, федэральная зямля Фарарльберг належыць да ліку найбольш прамыслова развітых рэгіёнаў Аўстрыі: тут працуюць каля 20 тысяч прадпрыемстваў, якiя летась экспартавалi тавараў i паслуг на 10 млрд. еўра. Як і для эканомікі Беларусі, эканоміцы Фарарльбергу ўласцівая адкрытасць: на экспарт ідзе 60% ВУП. Штогод Фарарльберг наведвае каля 2,5 млн. турыстаý. У рэгiёне месцяцца штаб-кватэры и галоўная вытворчасць шэрагу сусветна вядомых еўрапейскiх кампанiй, сярод якіх Блюм, Лiбхэр, Рэд Бул, Раух ды iншыя. Гiсторыя прамысловага супрацоўнiцтва Беларусi i Фарарльберга распачалася яшчэ ў 1980-я гады.

Падчас вiзiту адбылася сустрэча кіраўніка беларускай амбасады ў Аўстрыі з кiраўнiцтвам зямельнага ўрада Фарарльбергу. Суразмоўцы пацвердзілі зацікаўленасць у падтрыманні шматгадовых традыцый плённага эканамічнага і дзелавога супрацоўніцтва паміж беларускімі вытворцамі і кампаніямі з Фарарльбергу і адзначылі важную ролю ў гэтым працэсе падтрымкі з боку структураў дзяржаўнага кіравання.

Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Палаты эканомiкi Фарарльбергу ў цэнтры ўвагі было абмеркаванне магчымасцяў паляпшэння абмену інфармацыяй аб гандлёвых, вытворчых і інвестыцыйных прапановах беларускіх і аўстрыйскіх суб'ектаў гаспадарання, а таксама дадатковыя шляхі ўзаемнага спрыяння наўпроставым кантактам дзелавых колаў Беларусі і Аўстрыі.

Важную частку праграмы візіту склалі сустрэчы і перамовы з кіраўніцтвам шэрагу буйных прамысловых кампанiй Фарарльбергу — як тых, што доўгі час плённа працуюць з Беларуссю, так і патэнцыйна зацікаўленых у распрацоўцы і ажыццяўленні новых сумесных гандлёвых і вытворчых праектаў.

З кіраўніком групы кампаній «Бэрч Холдынг» Хубэртам Бэрчам беларускі дыпламат абмеркаваў падрыхтоўку да рэалізацыі праектаў, звязаных з аптымізацыяй тэхналагічных і энэргетычных працэсаў на беларускіх хімічных і нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах, энэргазберагальнымі мерапрыемствамі ў цэментнай вытворчасці, пастаўкай высокатэхналагічнага абсталявання для беларускай малочнай і мясной прамысловасці. А.Дапкюнас выказаў Х.Бэрчу ўдзячнасць за яго шчырыя шматгадовыя намаганні ў якасці сустаршыні Аўстрыйска-беларускай дзелавой рады па спрыянні кантактам паміж бізнэсоўцамі Беларусі і Аўстрыі.

Асаблівую ўвагу ў ходзе гутарак з аўстрыйскімі прамыслоўцамі беларускі амбасадар надаў прадстаўленню магчымасцяў арганізацыі высокатэхналагічнай вытворчасці ў беларускіх свабодных эканамічных зонах, у т.л. у Брэсце, Гародні і Магілёве, а таксама ў кітайска-беларускім прамысловым парку «Вялікі камень».

Сярод тэмаў, абмеркаваных з кіраўнікамі буйных прамысловых кампаній Фарарльбергу, былі перспектывы стварэння ў Беларусі чыстай вытворчасці інавацыйных будаўнічых матэрыялаў і закупкі аўстрыйскімі вытворцамі беларускай садавінавай прадукцыі.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці