Беларускія дыпламаты ўшанавалі памяць загінулых у канцлагеры «Маўтхаўзен»
01.02.2026 г.Пасол Беларусі ў Аўстрыі Андрэй Дапкюнас 1 лютага ўзяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў да помнікаў у гонар вязняў і ваеннапалонных былога канцэнтрацыйнага лагера «Маўтхаўзен» (федэральная зямля Верхняя Аўстрыя). У цырымоніі таксама ўзялі ўдзел дыпламаты Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана, прадстаўнікі Асацыяцыі былых вязняў канцлагераў федэральнай зямлі Верхняя Аўстрыя, а таксама гістарычны клуб пры Рускім доме.
Мемарыяльная цырымонія была прымеркавана да гадавіны гістарычных ўцёкаў савецкіх вязняў з «блока смерці № 20».
У ноч з 3 на 4 лютага 1945 года больш за 400 савецкіх вайскоўцаў здзейснілі масавыя ўцёкі з Маўтхаўзена. Гэта паўстанне вязняў стала найбуйнейшым за ўсю гісторыю існавання нацысцкіх лагераў. Для пераследу ўцекачоў была арганізавана карная аперацыя, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Мюльфіртэльскае паляванне на зайцаў». Падраздзяленні СС з прыцягненнем мясцовага насельніцтва высачылі і забілі большасць вязняў. Дзевяцёх уцекачоў выявіць не ўдалося: нягледзячы на смяротную небяспеку, мясцовыя жыхары хавалі іх да канца вайны.
Беларускія дыпламаты таксама ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі ў памяць аб грамадзянах Беларусі — ахвярах нацызму.
Мерапрыемства ў Маўтхаўзене стала часткай сумеснай праграмы дыпламатычных місій краінаў СНД у Аўстрыі, прысвечанай ушанаванню памяці аб подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.



