:

Падпісанне Практычных дамоўленасцей паміж МАГАТЭ і Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам Рэспублікі Беларусь

29.09.2025 г.

28 жніўня г.г. у Вене Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас і намеснік генеральнага дырэктара Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Наджат Мохтар падпісалі дакумент аб практычных дамоўленасцях паміж МАГАТЭ і Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам Беларусі.

Падпісаны дакумент закладвае аснову для пашырэння супрацоўніцтва ў галіне радыёэкалогіі і маніторынгу радыяцыйнага забруджвання навакольнага асяроддзя на тэрыторыях, што пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пагадненне прадугледжвае правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, абмен інфармацыяй і звесткамі, а таксама развіццё адукацыйных і прафесійных праграмаў.

Падчас сустрэчы пастаянны прадстаўнік Беларусі і намеснік генеральнага дырэктара МАГАТЭ абмеркавалі пытанні рэалізацыі падпісанага дакумента і далейшае развіццё ўзаемадзеяння.

А. Дапкюнас выказаў удзячнасць МАГАТЭ за шматгадовае канструктыўнае супрацоўніцтва ў галіне радыяцыйнага маніторынгу і вывучэння наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, падкрэсліў важную ролю агенцтва ва ўмацаванні нацыянальнага патэнцыялу ў галіне радыяцыйнай бяспекі і падтрымцы навуковых распрацоўкаў.

Беларускі дыпламат адзначыў значэнне Палескага запаведніка як унікальнай навуковай і прыродаахоўнай пляцоўкі, якая валодае шматгадовым вопытам у галіне радыёэкалогіі. Ён пацвердзіў гатоўнасць Беларусі дзяліцца назапашанымі ведамі і нарошчваць міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Намеснік генеральнага дырэктара МАГАТЭ, са свайго боку, падкрэсліла важнасць навуковага і практычнага вопыту, назапашанага ПДРЭЗ у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Гэты вопыт мае глабальнае значэнне для разумення паводзінаў радыёнуклідаў у навакольным асяроддзі. Яна адзначыла, што на працягу больш як 30 гадоў запаведнік вядзе ўнікальны радыяцыйны маніторынг, важныя для ўсёй міжнароднай супольнасці навуковыя даследаванні і працу па аднаўленні забруджаных тэрыторый. Гэтыя напрацоўкі з’яўляюцца каштоўным унёскам у міжнародныя намаганні па развіцці радыёэкалагічных падыходаў і метадаў.

Суразмоўцы дамовіліся аб далейшым паглыбленні партнёрства паміж Беларуссю і МАГАТЭ.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці