Аб выступленні кіраўніка беларускай дэлегацыі на 67-й сесіі генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ
27.09.2023 г.Сёння ў Вене кіраўнік беларускай дэлегацыі на 67-й сесіі генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас выступіў у ходзе агульнай дыскусіі канферэнцыі.
У якасці галоўнага дасягнення апошніх гадоў і агенцтва, у прыватнасці, А. Дапкюнас адзначыў усеагульнае ўсведамленне важнасці ўнёска ядзернай энергетыкі і неэнергетычных ужыванняў ядзерных тэхналогій у забеспячэнне ўстойлівага развіцця ў свеце. Ён адзначыў падтрымку Беларуссю намаганняў па пазіцыянаванні ядзернай энергетыкі як бяспечнай, устойлівай і надзейнай крыніцы энергіі.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі інфармаваў аб бягучым статусе будаўніцтва Беларускай АЭС, падкрэсліўшы, што з самага пачатку рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы Беларусь была і застаецца прыхільнай да самых высокіх стандартаў ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Беларусь поўнасцю адкрыта да канструктыўнага прафесійнага экспертнага дыялога з усімі зацікаўленымі бакамі.
А. Дапкюнас таксама зазначыў, што ў адпаведнасці з існуючай практыкай справаздачы аб ацэначных і кансультатыўных місіях МАГАТЭ ў Беларусі размешчаны ў адкрытым доступе, у тым ліку інфармацыйных рэсурсах агенцтва. Зробленыя па іх выніках высновы і прапановы з'яўляюцца важным арыенцірам ва ўдасканаленні нацыянальнага рэжыму ядзернай бяспекі, павышэнні надзейнасці ядзерных установак, забеспячэнні захаванасці ядзернага матэрыялу.
У поўнай меры задзейнічаўшы экспертны патэнцыял і інструменты падтрымкі агенцтва для ўліку назапашанага сусветнага вопыту ў галіне выкарыстання атамнай энергіі, Беларусь ахвотна дзеліцца ўласным вопытам развіцця ядзерна-энергетычнай інфраструктуры.
Кіраўнік дэлегацыі Беларусі адзначыў узрастаючую запатрабаванасць праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ. Праекты тэхнічнага супрацоўніцтва агенцтва ў Беларусі даюць магчымасць павысіць эфектыўнасць падрыхтоўкі кадраў для новай ядзерна-энергетычнай галіны і садзейнічаюць забеспячэнню ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Гэтыя праекты таксама ўносяць прыкметны ўнёсак у развіццё ядзернай медыцыны і ў вырашэнне унікальнай задачы ўстойлівага развіцця тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку чарнобыльскай аварыі.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў Вене выступіў за далейшае ўмацаванне вядучай ролі МАГАТЭ у пашырэнні мірнага выкарыстання атамнай энергіі і выказаў зацікаўленасць у развіцці прадуктыўнага ўзаемадзеяння МАГАТЭ з Беларуссю.
Поўны тэкст выступу даступны па спасылцы.