:

Аб удзеле дэлегацыі Беларусі ў сесіі Камісіі ААН па наркатычных сродках

15.03.2023 г.

У Вене 13 – 17 сакавіка г.г. праходзіць 66-я сесія Камісіі ААН па наркатычных сродках.

Беларусь на сесіі камісіі прадстаўлена дэлегацыяй на чале з Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене. У склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя.

У агульнай дыскусіі на сесіі камісіі выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі А. Сільвестровіч. У сваім выступе А. Сільвестровіч прыцягнуў увагу ўдзельнікаў сесіі да праблемы незаконнага абароту наркотыкаў і неабходнасці няўхільнага выканання палажэнняў антынаркатычных канвенцый ААН, якія з'яўляюцца асновай сістэмы міжнароднага кантролю.

А. Сільвестровіч адзначыў, што супрацьдзеянне наркатрафіку з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Беларусі і выказаў гатоўнасць Беларусі дзяліцца вопытам практычнай дзейнасці ў барацьбе з нарказлачыннасцю.

Беларуская дэлегацыя выступіла таксама па пункту парадку дня “Міжнароднае супрацоўніцтва ў мэтах забеспячэння даступнасці наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў для медыцынскіх і навуковых мэтаў пры адначасовым прадухіленні іх уцечкі”.

Беларуская дэлегацыя прыцягнула ўвагу да праблем з пастаўкамі ў Беларусь наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў і асудзіла незаконныя аднабаковыя абмежавальныя меры, якія перашкаджаюць міжнароднаму супрацоўніцтву і супярэчаць Статуту ААН і міжнародна-прававым абавязацельствам дзяржаў.

Беларуская дэлегацыя заклікала краіны, якія пакуль прымяняюць такія меры, вярнуцца ў прававое рэчышча і, у адпаведнасці з іх міжнародна-прававымі абавязацельствамі, адмовіцца ад прымянення такіх абмежавальных мераў.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці