:

Аб удзеле дэлегацыі Беларусі ў нарадзе Аб’яднанай канвенцыі аб радыёактыўных адходах

17.03.2025 г.

З 17 па 28 сакавіка 2025 г. у Вене (Аўстрыя) у штаб-кватэры МАГАТЭ праходзіць восьмае пасяджэнне дагаворных бакоў па разглядзе выканання Аб'яднанай канвенцыі аб бяспецы абыходжання з адпрацаваным палівам і аб бяспецы абыходжання з радыёактыўнымі адходамі.

Аб'яднаная канвенцыя была заключана пад эгідай МАГАТЭ ў 1997 годзе. Гэта адзіны юрыдычна абавязковы міжнародна-прававы дакумент для вырашэння пытанняў бяспекі пры абыходжанні з адпрацаваным палівам і радыёактыўнымі адходамі, ад іх утварэння і да захавання, у глабальным маштабе.

Бакамі Аб'яднанай канвенцыі з’яўляюцца 89 дзяржаў і Еўраатам. Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам гэтага міжнароднага дагавора з 24 лютага 2003 года і ўдзельнічае ва ўсіх аглядных нарадах. Такія нарады праводзяцца раз на тры гады, каб разгледзець нацыянальныя справаздачы аб выкананні ўзятых міжнародных абавязацельстваў, а таксама палітыку і практыку абыходжання з адпрацаваным палівам і радыёактыўнымі адходамі.

Беларускую дэлегацыю на нарадзе ўзначальвае кіраўнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вольга Лугаўская. У склад дэлегацыі Беларусі ўваходзяць таксама прадстаўнікі арганізацый сістэмы Міністэрства энергетыкі, Нацыянальнай акадэміі навук.

Праграма працы дэлегацыі ўключае ўдзел у пленарных пасяджэннях і краінавых сесіях, на якіх адбудзецца абмеркаванне прадстаўленых удзельнікамі канвенцыі нацыянальных справаздач. Прадстаўленне і разгляд нацыянальнага дакладу Беларусі адбудзецца 20 сакавіка. Вопыт Беларусі, якая эксплуатуе сваю першую атамную электрастанцыю, традыцыйна прыцягвае ўвагу шырокага кола ўдзельнікаў мерапрыемства. Абмеркаванне дакладу будзе спрыяць далейшаму ўдасканаленню бяспекі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам і радыёактыўнымі адходамі.

Тэкст нацыянальнага дакладу Беларусі аб выкананні абавязацельстваў па Аб'яднанай канвенцыі (на англійскай і рускай мовах) размешчаны ў адкрытым доступе на сайце Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях https://gosatomnadzor.mchs.gov.by/novosti/).

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці