Аб сустрэчы намесніка Міністра Ігара Сякрэты з генеральным дырэктарам ЮНІДА Гердам Мюлерам
26.06.2025 г.26 чэрвеня г.г. у Вене адбылася сустрэча намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігара Сякрэты з генеральным дырэктарам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловаму развіццю (ЮНІДА) Гердам Мюлерам.
ЮНІДА – спецыялізаваная ўстанова ААН, якая аказвае дапамогу краінам у мадэрнізацыі прамысловай вытворчасці, экалагічна бяспечным і ўстойлівым прамысловым развіцці, а таксама ва ўкараненні і адаптацыі новых тэхналогій.
Беларусь паслядоўна падтрымлівае ўмацаванне вядучай ролі ЮНІДА ў садзейнічанні ўстойліваму прамысловаму развіццю дзяржаў свету, выкарыстоўвае экспертны патэнцыял і магчымасці арганізацыі для павышэння канкурэнтаздольнасці і экалагічнасці сваёй прамысловасці, укаранення сучасных тэхналогій і стандартаў.
У снежні 2020 года была падпісана Рамачная праграма супрацоўніцтва паміж Урадам Беларусі і ЮНІДА на першапачатковы тэрмін 5 гадоў. Яна вызначае напрамкі паглыблення ўзаемадзеяння і сумеснай працы з улікам прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Тэрмін яе дзеяння падоўжаны да снежня 2030 года.
Беларусь традыцыйна прымае актыўны ўдзел у працы кіраўнічых органаў ЮНІДА. У лістападзе 2023 года Беларусь у пяты раз была выбрана ў склад Савета па прамысловым развіцці.
І. Секрэта падкрэсліў знакавасць даты сустрэчы – 80-годдзе падпісання Статута ААН – і адзначыў яго актуальнасць у сучасных умовах.
Намеснік Міністра звярнуў увагу на рост запатрабаванасці паслуг і экспертызы ЮНІДА ў сферы садзейнічання ўстойліваму прамысловаму развіццю і высока ацаніў здольнасць арганізацыі наладжваць эфектыўнае міжсектаральнае супрацоўніцтва – паміж дзяржаўнымі і прыватнымі структурамі, навуковай і экспертнай супольнасцю.
Сабеседнікі абмеркавалі стан і перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з ЮНІДА, рэалізацыю дзеючых праектаў тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама прыярытэтныя напрамкі далейшага партнёрства ў межах рамачнай праграмы.
Асаблівая ўвага была нададзена ініцыятывам у сферы лічбавай трансфармацыі і чацвёртай прамысловай рэвалюцыі, у тым ліку праектам у Брэсцкай і Магілёўскай абласцях.
Таксама быў абмеркаваны запуск праекта ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» з прыцягненнем кітайскага фінансавання з мэтай надання парку статусу экаіндустрыяльнага. Была выказана задаволенасць дасягнутай дамоўленасцю аб накіраванні тэхнічнай місіі ЮНІДА ў Беларусь у канцы ліпеня для абмеркавання гэтага праекта на месцы.
Бакі абмеркавалі магчымасці аб’яднання намаганняў Беларусі па ўмацаванні прамыслова-вытворчага патэнцыялу афрыканскіх краін і праектнай дзейнасці ЮНІДА па садзейнічанні індустрыяльнаму развіццю Афрыкі, у тым ліку з выкарыстаннем магчымасцяў Цэнтра перадавога вопыту ЮНІДА ў Аддыс-Абебе (Эфіопія) і патэнцыялу беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
Намеснік Міністра закрануў таксама пытанні краін з сярэднім узроўнем даходу (КСД) і ролю ЮНІДА як адзінай арганізацыі, якая мае спецыяльную рамачную праграму партнёрства з КСД для садзейнічання ў вырашэнні імі праблем развіцця. У гэтым кантэксце была пацверджана беларуская ініцыятыва па абнаўленні Стратэгічнай рамачнай праграмы ЮНІДА для КСД, якая будзе разгледжана на будучай 53-й сесіі Савета па прамысловым развіцці (Вена, 30 чэрвеня – 3 ліпеня 2025 г.).
Генеральны дырэктар ЮНІДА высока ацаніў узровень супрацоўніцтва з Беларуссю і выказаў падзяку за актыўную і паслядоўную падтрымку дзейнасці арганізацыі.
Г. Мюлер пацвердзіў гатоўнасць ЮНІДА пашыраць тэхнічнае супрацоўніцтва з Беларуссю.
Ён запрасіў беларускі бок прыняць удзел у 21-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНІДА, якая пройдзе 23-27 лістапада 2025 года ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія).
Сабеседнікі пацвердзілі гатоўнасць да далейшага паглыблення практычнага супрацоўніцтва.