:

Cупрацоўніцтва з АБСЕ

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) з'яўляецца найбуйнейшай рэгіянальнай арганізацыяй, у склад якой уваходзяць 57 дзяржаў-удзельніц, уключаючы ўсе еўрапейскія краіны, краіны СНД, ЗША і Канаду.

Мандат АБСЕ ахоплівае шырокае кола пытанняў у рамках ваенна-палітычнага, эканоміка-экалагічнага і гуманітарнага вымярэнняў: барацьба з тэрарызмам, кантроль над узбраеннямі, меры па ўмацаванні даверу і бяспекі, забеспячэнне эканамічнай і экалагічнай бяспекі, а таксама абарона правоў чалавека і развіццё дэмакратычных інстытутаў. Рашэнні ў АБСЕ прымаюцца на аснове кансенсусу, усе дзяржавы-ўдзельніцы маюць аднолькавы статус.

Ўсёабдымны падыход АБСЕ да пытанняў бяспекі і шырокі склад удзельнікаў робяць Арганізацыю важным і ўнікальным міжнародным форумам для палітычнага дыялогу.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца паўнапраўным членам АБСЕ з 30 студзеня 1992 года. У Вене дзейнічае Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры АБСЕ.

Беларусь прымае актыўны ўдзел у працэсе выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў і дакументаў АБСЕ і тым самым уносіць свой уклад у развіццё агульнаеўрапейскага дыялогу па пытаннях супрацоўніцтва і бяспекі.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў пасяджэннях Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) АБСЕ, у працы асноўных і дапаможных органаў АБСЕ – Пастаяннага савета і яго камітэтаў, Форуму па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі (ФСГБ), а таксама Сумеснай кансультатыўнай групы (СКГ) і Кансультатыўнай камісіі па адкрытым небе (ККАН) – перагаворных органаў па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) і Дагавора па адкрытым небе (ДАН) адпаведна.

Пад старшынствам Беларусі ў 2003 годзе была распрацавана і прынята на СМЗС АБСЕ ў г.Маастрыхце Стратэгія АБСЕ ў сферы эканамічнага і экалагічнага вымярэння. У 2004 годзе на СМЗС АБСЕ ў Сафіі па ініцыятыве Беларусі было адобрана рашэнне аб барацьбе з карупцыяй, у 2007 годзе на мадрыдскім СМЗС АБСЕ – рашэнне аб абароне найважнейшых аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры ад тэрарыстычных нападаў. У 2015 годзе беларускі бок ініцыяваў прыняцце рашэння ФСГБ «Роля АБСЕ ў падтрымцы выканання рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1540». У 2017 годзе ў ходзе СМЗС АБСЕ ў Вене Беларусь разам з ЗША і Італіяй выступіла сааўтарам прынятага рашэння «Умацаванне намаганняў па барацьбе з гандлем дзецьмі і сэксуальнай эксплуатацыяй дзяцей». У 2019 годзе СМЗС АБСЕ ў Браціславе прыняў ініцыяваную Беларуссю і Іспаніяй памятную дэкларацыю з нагоды 25-й гадавіны прыняцця «Прынцыпаў, якія рэгулююць нераспаўсюджванне» і 15-й гадавіны рэзалюцыі СБ ААН 1540.

У красавіку-жніўні 2005 года Рэспубліка Беларусь паспяхова старшынствавала на ФСГБ, у верасні-снежні 2008 года і студзені-красавіку 2020 года – у ККАН, у 2010 годзе – у Камітэце па эканамічных і экалагічных пытаннях Пастсавета, у чэрвені 2015 года – на трэцяй Канферэнцыі па разглядзе выканання ДАН, у студзені-сакавіку 2016 года – у СКГ.

З верасня 2014 года Беларусь прадастаўляе пляцоўку для пасяджэнняў Трохбаковай кантактнай групы па Украіне і яе чатырох рабочых груп, якія рэгулярна праходзяць у Мінску (у 2020 годзе ў сувязі з пандэміяй COVID-19 паседжанні праходзілі ў віртуальнай фармаце).

Беларускія прадстаўнікі ўдзельнічаюць у пасяджэннях Мінскай групы ў рамках перамоўнага працэсу па пытанні мірнага ўрэгулявання ў Нагорным Карабаху. У сакавіку 2015 года і чэрвені 2018 года арганізаваны краінавыя візіты ў Беларусь сустаршыняў Мінскай групы АБСЕ і асабістага прадстаўніка Дзеючага старшыні АБСЕ па Нагорным Карабаху.

Беларускія прадстаўнікі працуюць у Сакратарыяце, інстытутах і палявых місіях АБСЕ, уключаючы Спецыяльную маніторынгавую місію ў Украіне і Наглядальную місію АБСЕ на расейскіх пунктах пропуску «Гукава» і «Данецк» на расейска-ўкраінскай мяжы. З ліпеня 2016 года прадстаўнік Беларусі Н.Дрозд ўзначальвае Цэнтр АБСЕ ў Ашхабадзе; з сакавіка 2020 года А.Купчына з'яўляецца каардынатарам АБСЕ па транснацыянальным пагрозам.

Беларусь прагматычна і канструктыўна ўзаемадзейнічае з Сакратарыятам і інстытутамі АБСЕ. У 2018 годзе Генеральны сакратар АБСЕ Т.Грэмінгер тройчы наведаў Беларусь. У сакавіку 2019 года адбыўся візіт у Беларусь прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ А.Дезіра, у лютым 2020 года — візіт дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ І.Гісладоттір.

Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прымае актыўны ўдзел у працы Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ. Па ініцыятыве Беларусі ў 2011-2014 гг. былі прынятыя рэзалюцыі ПА АБСЕ па тэматыцы барацьбы з гандлем людзьмі, новым і аднаўляльным крыніцам энергіі, «зялёнай» эканоміцы, абароне і прасоўванні сацыяльна-эканамічных правоў у рэгіёне АБСЕ.

5-9 ліпеня 2017 г. ў г.Мінску адбылася 26-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая была прысвечана ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва дзеля міру і росквіту. На заключным пасяджэнні ПА АБСЕ была прынята Мінская дэкларацыя, у якую ўвайшлі рэзалюцыі, прынятыя ў рамках мерапрыемства, уключаючы ініцыяваную беларускім бокам рэзалюцыю «Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў».

У выніковую дэкларацыю 27-й сесіі ПА АБСЕ ў Берліне (7-11 ліпеня 2018 г.) уключана ініцыяваная беларускай дэлегацыяй рэзалюцыя «Прасоўванне лічбавай эканомікі ў інтарэсах забеспячэння эканамічнага росту на прасторы АБСЕ». Па выніках 28-й сесіі ПА АБСЕ ў Люксембургу (4-8 ліпеня 2019 г.) прынята беларуская рэзалюцыя «Стратэгічнае прагназаванне ў галінах навукі, тэхналогій і інавацый для ўстойлівага развіцця».

29-30 красавіка 2019 г. у Мінску адбылася міжнародная канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ «Адзін пояс, адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага развіцця і росквіту» з удзелам Старшыні Асамблеі Г.Цэрэтэлі.

Мінск актыўна абіраецца ў якасці пляцоўкі для мерапрыемстваў АБСЕ рознага фармату. У кастрычніку 2018 года ў беларускай сталіцы адбылася міжнародная канферэнцыя АБСЕ высокага ўзроўню «Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху». У 2019 годзе ў Мінску праведзены тры рэгіянальных семінара АБСЕ: па выкананні рэзалюцыі СБ ААН 1540 (красавік), па дэактывацыі лёгкай і стралковай зброі (красавік), па ўздзеянні новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на супрацьдзеянне гандлю людзьмі (ліпень), а таксама семінара па беспапяровым гандлі і развіццю «адзінага акна» ў рамках праекта АБСЕ «Садзейнічанне эканамічнай узаемазвязанасці ў АБСЕ» (сакавік).

Беларусь падтрымлівае замацаваную ў Хартыі еўрапейскай бяспекі прыярытэтную ролю АБСЕ ва ўрэгуляванні канфліктаў у рэгіёне яе адказнасці на аснове павагі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў-удзельніц.

Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў больш шырокім выкарыстанні магчымасцяў і патэнцыялу Арганізацыі як у плане ўмацавання бяспекі на прасторы АБСЕ, так і ў мэтах стварэння спрыяльных умоў для развіцця супрацоўніцтва.

Беларусь традыцыйна выступае ў якасці аднаго з найбольш актыўных і паслядоўных прыхільнікаў трансфармацыі АБСЕ ў паўнавартасную эфектыўную міжнародную арганізацыю, якая дзейнічае ў інтарэсах усіх дзяржаў-удзельніц.

У 2021 годзе ў АБСЕ старшынствуе Швецыя, ў 2022 годзе на чале Арганізацыі ўстане Польшча, у 2023 годзе – Паўночная Македонія.

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці