:

Аб мерапрыемствах, прысвечаных памяці вязняў нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў «Маўтхаўзэн»

17.05.2021 г.

15-16 мая 2021 года дыпламаты беларускага пасольства ў Аўстрыі ўшанавалі памяць вязняў нацысцкіх лагераў «Маўтхаўзэн».

Канцэнтрацыйны лагер «Маўтхаўзэн» быў створаны неўзабаве пасля аншлюсу Аўстрыі нацысцкай Германіяй летам 1938 году. Пазней «Маўтхаўзэн» ператварыўся ў сістэму лагераў смерці, у якую разам з асноўным лагерам ўваходзілі каля 50 філіялаў (знешніх лагераў). Вязняў выкарыстоўвалі на працах у каменяломнях, будаўніцтве падземных цэхаў нацысцкіх ваенных заводаў для абароны вытворчасці ад паветраных налётаў.
Усяго за гады існавання «Маўтхаўзэна” праз яго прайшлі, па розных звестках, да 335 тысяч чалавек. Сярод вязняў былі аўстрыйскія і нямецкія антыфашысты, асобы, якіх нацысты абвесцілі «непаўнавартаснымі», грамадзяне, дэпартаваныя з акупаваных краін, ваеннапалонныя. Больш за 120 тысяч чалавек былі пакараныя смерцю, памерлі ад непасільнай працы, катаванняў, голаду і хваробаў. Канцэнтрацыйны лагер «Маўтхаўзэн” быў вызвалены амерыканскімі войскамі 5 мая 1945 года. Вясной 1949 года быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Маўтхаўзэн».

15 мая 2021 года беларускія дыпламаты на могілках «Санкт-Марцін» у Лінцы ўсклалі вянок да магілы Героя Савецкага Саюза Л. Маневіча.

Леў Маневіч (20.08.1898 – 11.05.1945) — ваенны разведчык, палкоўнік, ураджэнец горада Чавусы Магілёўскай вобласці. З 1943 года Маневіч утрымліваўся ў канцлагеры «Маўтхаўзэн» і яго філіялах у Мельке і Эбензее. У канцлагеры «Эбензее» ён стаў адным з кіраўнікоў падполля. Леў Маневіч памёр праз некалькі дзён пасля вызвалення лагера амерыканскімі войскамі 6 мая 1945 года.

У той жа дзень вянок ад пасольства Беларусі ускладзены да помніка ахвярам нацыстаў у мемарыяльным коплексе на месцы канцлагера «Эбензее».

 

Супрацоўнікі пасольства Беларусі таксама ўшанавалі памяць вязняў канцэнтрацыйнага лагера «Гузэн».

16 мая 2021 г. пасол Беларусі ў Аўстрыі А. Дапкюнас і дыпламаты пасольства ўзялі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 76-годдзя вызвалення канцэнтрацыйнага лагера «Маўтхаўзэн». Ад імя Пасольства Беларусі вянкі былі ўскладзеныя да мемарыяльнай дошкі ў памяць аб грамадзянах Беларусі — ахвярах нацызму, да абеліска вязням з краін былога СССР, да цэнтральнага помніка ахвярам Маўтхаўзена, да помніка генералу Дз. Карбышаву, да помнікаў і мемарыяльных дошкаў у памяць ахвяраў канцлагера з Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Польшчы і Украіны.

У мерапрыемстве ў Маўтхаўзэне ўдзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўнага кіраўніцтва Аўстрыі, кіраўнікі і супрацоўнікі акрэдытаваных у Вене дыпламатычных прадстаўніцтваў, шматлікія прадстаўнікі аўстрыйскіх і замежных грамадскіх арганізацый.

У гэты ж дзень супрацоўнікі беларускай дыпмісіі ўшанавалі памяць савецкіх ваеннапалонных, знішчаных у лютым 1945 года пасля спробы ўцёку з канцэнтрацыйнага лагера «Маўтхаўзэн”.

Уноч 3 лютага 1945 года больш за 400 савецкіх ваеннапалонных здзейснілі масавы ўцёк з Маўтхаўзэна. Гэта паўстанне вязняў стала найбуйнейшым за ўсю гісторыю існавання нацысцкіх лагераў. Для пагоні за ўцекачамі была арганізавана аперацыя, якой нацысты надалі цынічную назву «Мюльфіртэльскае паляванне на зайцоў». Войскі СС з прыцягненнем мясцовага насельніцтва адсачылі і знішчылі большасць уцекачоў. Не атрымалася выявіць дзевяцярых уцекачоў, якіх, нягледзячы на смяротную небяспеку, хавалі да канца вайны мясцовыя жыхары.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці