:

Аб прыняцці камісіяй ААН у Вене беларускай рэзалюцыі па барацьбе з гандлем людзьмі

21.05.2021 г.

Камісія ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі на сваёй сесіі ў Вене 21 мая г.г. кансэнсусам ухваліла ініцыяваную дэлегацыяй Беларусі рэзалюцыю “Ажыццяўленне Глабальнага плана дзеянняў ААН у барацьбе з гандлем людзьмі”. Камісія рэкамендавала Эканамічнаму і Сацыяльнаму Савету ААН (ЭКАСАС) прыняць рэзалюцыю ў якасці сваёй ўласнай.

Камісія ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі была утворана амаль 30 гадоў таму і, як адна з функцыянальных камісій Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, з’яўляецца органам ААН, адказным за фармуляванне палітыкі ў галіне папярэджання злачыннасці і крымінальнага правасуддзя.

Рэзалюцыя скіравана на ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і намаганняў дзяржаў-сябраў ААН у барацьбе з усімі формамі гандлю людзьмі. Дакумент збалансавана і сцісла адлюстроўвае асноўныя вехі ў выкананні Глабальнага плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі і новыя выклікі, у тым ліку звязаныя з пандэміяй.

Прыняцце рэзалюцыі сведчыць аб прызнанні і далейшым замацаванні актыўнай і ініцыятыўнай ролі Беларусі ў прасоўванні тэмы аб’яднання глабальных намаганняў у процідзеянні гандлю людзьмі на міжнародным узроўні, а таксама высокай увазе, якая па-ранейшаму надаецца гэтай тэме міжнароднай супольнасцю.

Прынятая рэзалюцыя з’яўляецца пралогам далейшай працы сёлета на антытрафікінгавым накірунку, уключна з падрыхтоўкай пасяджэння Генеральнай Асамблеі ААН высокага ўзроўню па аглядзе выканання Глабальнага плана і прыняццём адпаведнай рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці