Language

Главная Беларусь - Австрия 25 год

ДА 25-ГОДДЗЯ ЎСТАЛЯВАННЯ ДЫПЛАМАТЫЧНЫХ АДНОСІН З АЎСТРЫЯЙ

 

25 гадоў таму, 5 лютага 1992 г. быў падпісаны Пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстрыйскай Рэспублікай. Маладая беларуская дзяржава імкнулася да развіцця сяброўскіх адносін з Аўстрыяй, наладжвання з ёй канструктыўнага дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх галінах. Ужо ў 1993 годзе ў аўстрыйскай сталіцы было адкрыта  Пасольства Рэспублікі Беларусь.

Аўстрыя, у сваю чаргу, разглядаючы Беларусь у якасці важнага партнёра ў рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, стала адной з першых краін – членаў ЕС, парламент якой ратыфікаваў Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам.

За чвэрць стагоддзя мы прайшлі розныя этапы ў развіцці двухбаковых адносін. Гэты шлях не заўсёды быў простым і лёгкім, але, дзякуючы сумесным намаганням бакоў, беларуска-аўстрыйскае супрацоўніцтва, заснаванае на даверы і павазе, зрабіла прыкметныя крокі наперад.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка двойчы наведваў Аўстрыю: у красавіку 1996 г. і ў сакавіку 2002 г. Новую дынаміку двухбаковаму дыялогу на вышэйшым узроўні надала асабістая сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін А.Р. Лукашэнкі і Х.Фішара, якая адбылася
28 верасня 2015 г. у рамках 70-й сесіі ГА ААН у Нью-Йорку.

Для апошних гадоў характэрна актыўнае развіццё двухбаковых кантактаў высокага ўзроўню: Беларусь з візітамі наведалі кіраўнікі аўстрыйскага Парламента і знешнепалітычнага ведамства, Палаты эканомікі, вышэйшыя рэлігійныя дзеячы Аўстрыі. Рэгулярны дыялог падтрымліваецца на ўзроўні міністраў замежных спраў дзвюх краін, якія двойчы асабіста сустракаліся ў мінулым годзе.

Беларусь і Аўстрыя канструктыўна супрацоўнічаюць у міжнародных арганізацыях. Дадатковыя магчымасці для паглыблення у 2017 годзе беларуска-аўстрыйскага дыялогу на шматбаковых пляцоўках адкрываюць адпаведна старшынствы Аўстрыі ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе і Беларусі ў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве.

Адметнай з’яўляецца паслядоўная і актыўная падтрымка Аўстрыяй імкнення Беларусі развіваць партнёрскія адносіны з Еўрапейскім саюзам.

Наша адкрытасць да развіцця сувязей з Аўстрыяй у спалучэнні з цікавасцю аўстрыйскіх партнёраў да Беларусі дазволілі ажыццявіць цэлы шэраг узаемавыгадных эканамічных праектаў. У ліку найбольш маштабных з іх – удзел аўстрыйскай кампаніі «Фёстальпінэ» у мадэрнізацыі флагмана беларускай прамысловасці Беларускага металургічнага завода, паспяховая праца ў Беларусі «Пріорбанка» як партнёра аўстрыйскага «Райффайзенбанка», удзел холдынгу «Тэлеком Аўстрыя» у развіцці тэлекамунікацыйных тэхналогій у нашай краіне, стварэнне аўстрыйскай кампаніяй «Капш» сістэмы аўтаматызаванага збору платы з карыстальнікаў аўтадарог, а таксама шэраг праектаў групы «Кранаспан» па стварэнні ў Беларусі сваіх вытворчых прадпрыемстваў. Гэта толькі самыя яркія прыклады паспяховага і плённага двухбаковага супрацоўніцтва. Пацвярджэннем даверу аўстрыйскіх дзелавых колаў да Беларусі з’яўляецца ўстойлівая пазіцыя Аўстрыі ў якасці аднаго з найбуйнейшых замежных інвестараў у нашай краіне: па аб’ёмах інвестыцый у апошнія гады Аўстрыя стабільна ўваходзіць у пяцёрку лідараў.

Аўстрыйскія кампаніі актыўна ўдзельнічаюць у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў у разнастайных галінах (энергетыка, транспартная інфраструктура, машынабудаванне, дрэва- і металаапрацоўка, харчовая прамысловасць, будаванне, ахова навакольнага асяроддзя і інш.).

Дзеля развіцця эканамічных сувязей паміж краінамі створаны і паспяхова працуюць сумесныя інстытуцыянальныя механізмы, у тым ліку Міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву і Беларуска-Аўстрыйскі дзелавы савет.

Важным элементам двухбаковых адносін з'яўляюцца гуманітарныя кантакты. Аўстрыйскі народ працягвае руку дапамогі і салідарнасці жыхарам Беларусi, якія зведалі на сябе цяжар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дзяці з пацярпелых ад аварыі беларускіх рэгіёнаў штогод праходзяць аздараўленне ў Аўстрыі. Шчыра дзякуем нашым аўстрыйскім сябрам за іх актыўны ўдзел у гэтых дабрачынных праектах!

Мы упэўнены, што сёння важна не толькі захаваць пазітыўную дынаміку ў двухбаковых адносінах, але паслядоўна рухацца наперад з мэтай далейшага пашырэння і паглыблення нашага супрацоўніцтва. Гэта цалкам адпавядае інтарэсам абедзвюх краін. Беларусь гатова да далейшай інтэнсіфікацыі сувязей з Аўстрыяй ва ўсіх галінах, уключаючы палітыку, эканоміку, гандаль і інвестыцыі, навуку, культуру, турызм. Лічым, что адкрыццё Пасольства Аўстрыі ў Мінску
ў лютым 2016 года сведчыць аб адпаведнай зацікаўленасці аўстрыйскага боку.  

Пасольства Беларусі ў Аўстрыі будзе і надалей актыўна спрыяць развіццю беларуска-аўстрыйскіх адносін і ўмацаванню сяброўства паміж народамі нашых краін.